З гісторыі кнігадрукавання
На працягу многіх гадоў людзі шукалі спосабы друкавання кніг. Ужо ў VIII ст. у Кітаі пачалі друкавацца газеты, амулеты, малітвы на асобных аркушах, затым і кнігі. Самай старажытнай кнігай многія даследчыкі лічаць індыйскі твор “Алмазная Сутра” (868) у перакладзе на кітайскую мову. Прыблізна ў той жа час у Японіі ўзнік ксілаграфічны друк. Вопыты друкавання тэкстаў з наборнай формы рабіліся рознымі людзьмі ў Карэі, Нідэрландах, Бельгіі, Італіі, Францыі. Аднак толькі адзін з іх перамог. Імя гэтага чалавека – Іаган Гутэнберг. Вынаходства друкарскага станка з’явілася найвышэйшым дасягненнем, адным з найвялікшых адкрыццяў эпохі Адраджэння, паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва. У 1447 г. Гутэнберг распачаў рэгулярны выпуск кніг у нямецкім горадзе Майнцы. Спачатку гэта былі невялікія брашуры і асобныя аркушы. Былі надрукаваны календары, некалькі выданняў лацінскай граматыкі Даната. Першым буйным выданнем І. Гутэнберга стала лацінская Біблія.
Справу Гутэнберга хутка падхапілі друкары Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Францыі, Чэхіі, Польшчы і іншых краін. У 1494 г. у Венецыі ўзнікла друкарня Альда Мануцыя, якая праіснавала каля 90 гадоў. Два выдатныя новаўвядзенні ў галіне кніжнай тэхнікі зрабілі яго імя бессмяротным: стварэнне новага тыпу шрыфтоў – курсіву і ўвядзенне невялікага стандартнага фармату кніг. Выданні Альда Мануцыя – так званыя “альдзіны” – вызначаліся высокім навуковым узроўнем падрыхтоўкі тэкстаў і былі ў свой час вельмі папулярныя. Знакамітая друкарская марка Альдаў – якар з дэльфінамі – сустракаецца на большасці іх кніг.
Першыя кнігі на кірыліцы – “Актоіх” і “Часаслоў” – выдадзены ў 1490-1491 гг. у Кракаве Швайпольтам Фіолем, які па праву лічыцца пачынальнікам славянскага кнігадрукавання. Выданні Фіоля мелі значны поспех, але неўзабаве яго друкарская дзейнасць была забаронена езуітамі, а кнігі знішчаны. Ш. Фіоль змог надрукаваць яшчэ дзве кнігі пры дапамозе прадпрымальніка Яна Турзо. Амаль адначасова з дзейнасцю Фіоля кірылічнае кнігадрукаванне ўзнікла на тэрыторыі паўдневых славян, дзе яго заснавальнікам стаў Макарый, які выдаў некалькі кніг: “Актоіх” (1494 г.), “Псалтыр” (1495 г.) і інш.
Развіццё славянскага кнігадрукавання ў канцы XV – першыя дзесяцігоддзі XVI ст. адыграла вялікую ролю ў фарміраванні культурных і сацыяльных перадумоў беларускага і славянскага кнігадрукавання. Славянскія друкаваныя кнігі садзейнічалі распаўсюджванню на Беларусі, Украіне, у Расіі традыцыйных па свайму зместу кірылічных выданняў у той моўнай і тэкстуальнай рэдакцыі, якая ва ўсходнеславянскіх краінах здаўна была вядома па рукапісах.
Па падліках сучасных даследчыкаў у другой палове XV ст. у 200-300 еўрапейскіх гарадах у розны час дзейнічала 1100-1700 друкарань, выйшла прыкладна 34-35 тыс. выданняў агульным тыражом 10-20 млн. экзэмпляраў.
Храналогія друку:
1456 – Гутэнберг распачаў друкарскую справу ў Германіі.
1465 – друкарства з’явілася ў Рыме.
1470 – пачатак кнігадрукавання ў Францыі.
1478 – у Швейцарыі і Чэхіі.
1480 – у Англіі.
1489 – у Партугаліі.
1491 – у Польшчы(Кракаў).
1499 – у Іспаніі.
1522 – у Вільні.
1564 – у Маскве.
1574 – на Украіне(Львоў).
1547 – у Кёнігсбергу выдадзена першая кніга па-літоўску.
1615 – у Рызе выйшла першая царкоўная кніга на латышскай мове.
Па матэрыялах кнігі Бярозкінай Н.Ю. "Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVII - пачатк XX ст.)