Друкарская дзейнасць Скарыны. Асаблівасці афармлення кніг
Пражскі перыяд
У кароткі тэрмін Скарына ажыццявіў высокамастацкі і якасны пераклад Старога запавету на мову, блізкую да старажытнабеларускай мовы, арганізаваў друкарню. Першай кнігай, выдадзенай Скарынам 6 жніўня 1517 г. у Празе, была “Псалтыр”. Гэтая кніга служыла не толькі для набажэнстваў, але і для навучання пісьменнасці, чытання, спявання. Гэтую кнігу Скарына выдаў як з рэлігійнымі, так і з асветніцкімі мэтамі, на што звяртае ўвагу ў прадмове: “детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помноженіе в науце, мужем моцное утверьженіе”. Скарына клапаціўся каб кніга яго была добра зразумелай чытачам. Для гэтага на палях старонак ён рабіў пераклад на тагачасную беларускую літаратурную мову і даваў тлумачэнне асобных царкоўнаславянскіх слоў, якія, на яго думку, маглі быць незразумелымі для простых, малаадукаваных людзей.
У 1517—1519 гг. у Празе Скарына выдаў на старабеларускай мове (або, як лічаць некаторыя даследчыкі, на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі) 22 кнігі Старога запавету. Скарына, які ўсё жыццё марыў аб пашырэнні асветы свайго народа, падыходзіў да выдання біблейскіх кніг з боку адукацыйнага і маральнага зместу, разглядаў іх не толькі як Свяшчэннае пісанне, але і як крыніцу свецкіх ведаў: гістарычных, астранамічных, медыцынскіх. Парадак кніг "Бібліі" Скарыны не кананічны (які пачынаецца з кнігі "Быццё"), а абумоўлены парадкам вывучэння асноў "сямі свабодных мастацтваў", для якіх ён у якасці навучальных дапаможнікаў рэкамендаваў тую ці іншую біблейскую кнігу, дзе можна было знайсці мноства рэальных дадзеных, неабходных у жыцці. На думку Скарыны, звесткі па батаніцы і заалогіі даюць "Прытчы Саламона", па геаметрыі і астраноміі — кніга "Ісус Навін", па арыфметыцы — "Лічбы" і г.д. У сваіх каментарыях першадрукар шырока выкарыстоўвае прыродазнаўчыя веды, вядзе размову "о прирожении древ, былин... зверей, птиц, гадов и риб".
Усе пражскія выданні Скарыны надрукаваны фарматам у чацвёртую долю аркуша, што было нехарактэрна для заходнееўрапейскіх друкаваных Біблій таго часу. Фірменная папера з філігранямі выкарыстоўвалася талькі ў першым пражскім выданні – “Псалтыры”. Малюнак філіграні “Галава быка” блізкі да вадзяных знакаў нямецкага паходжання. Усе астатнія пражскія выданні надрукаваны на паперы нізкіх гатункаў без філіграней са слабапрыкметнай сеткай дна формы, на якой яны адліваліся. Скарынінскі шрыфт, які з'яўляецца выдатным помнікам славянскага друку, ствараўся па яго ўласных малюнках або эскізах на аснове паўустава беларускіх рукапісаў. Скарына першы дакладна адрозніў форму вялікіх літар ад малых.
Толькі двойчы ў пражскіх выданнях выкарыстаны чырвоны колер, кінавар (мінеральная фарба чырвонага колеру ў кнізе Песні Песняў і на агульным тытуле “Бібліі”).
У адрозненне ад ранейшых славянскіх друкаваных кніг (якія былі амаль без гравюр, а тыя нямногія застаўкі, што ў іх змяшчаліся, зроблены па ўзоры царкоўнавізантыйскіх заставак і пазбаўлены арыгінальнасці) пражскія выданні ўражваюць як колькасцю ілюстрацый, так і іх якасцю. Кнігі ўпрыгожваюць шматлікія сюжэтнатэматычныя гравюры, звязаныя з іх зместам, яны дапамагаюць зразумець сэнс напісанага. Скарына пісаў аб прызначэнні гравюр у прадмове да трэцяй кнігі Царстваў: "А то для того, абы братия моя русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумети" .
Выдатным творам кніжнай гравюры з'яўляецца партрэт Скарыны, двойчы надрукаваны ў кнігах Пражскай Бібліі. Ўпрыгожванні ў кнігах Скарыны можна падзяліць на тры віды: гравюры, якіх шмат ва ўсіх кнігах “Бібліі”, застаўкі і канцоўкі, што знаходзяцца ў большасці выпадкаў у пачатку і канцы асобных біблейскіх кніг або іх частак, і, нарэшце, упрыгожаныя вялікія літары-ініцыялы. Літары-ініцыялы ўпрыгожаны звычайна малюнкамі пладоў, кветак, лісця, рыб, птушак, звяроў, людзей.
Віленскі перыяд
Першае віленскае выданне — "Малая падарожная кніжка". Гэта новы тып усходнеславянскага зборніка, у які ўвайшло 22 асобныя кнігі, кожная з якіх мае сваю пагінацыю. “Малая падарожная кніжка” – гэта не толькі малітоўнік кішэннага фармату для тых хто вандруе, падарожнічае, але гэта і зборнік са звесткамі навуковага і практычнага характару. У выданні выкарыстана 257 гравіраваных адбіткаў і заставак, віньетак – дрэварытных, а таксама 600 адбіткаў арнаментаваных ініцыялаў. “Малая падарожная кніжка” складае ў агульным аб'ёме 864 старонкі. Яна была названа славянскім эльзевірам.
У склад “Малой падарожнай кніжкі” увайшлі найбольш распаўсюджаныя богаслужэбныя і вучэбныя кнігі: "Псалтыр", "Часасловец", 8 акафістаў і 10 канонаў, "Шасцідневец", Саборнік (уключае «Кароткія святцы» і «Пасхалію»).
У 1525 г. выходзіць наступнае віленскае выданне – “Апостал”. З прадмовы: "Починаеться книга Деяния и Посълания апостольская зовемая Апостолъ, з Божию помочью справълена доктором Франъциском Скориною с Полоцька". Адзіная з кніг Ф. Скарыны без гравюрных ілюстрацый, хаця выкарыстаны 283 застаўкі і канцоўкі, 427 гравіраваных ініцыялаў. Надрукавана кніга у два колеры. Як і папярэднія выданні ён быў на стараславянскай ці царкоўнаславянскай мове старабеларускай рэдакцыі. Да “Апостала” Ф. Скарына напісаў 22 прадмовы і 17 пасляслоўяў. Фармат віленскіх выданняў у 1/8 долю аркуша. Тэкст “Апостала” скампанаваны з вялікай вынаходлівасцю, напрыклад у выглядзе куба, у выглядзе пясочнага гадзінніка, трохкутніка і інш.