Францішак Скарына - першадрукар Беларусі
Відэаматэрыялы

З XIV ст. функцыі агульнадзяржаўнай і літаратурнай мовы Вялікага княства Літоўскага выконвала беларуская мова. На беларускай мове вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, сеймавыя пастановы, летапісы і хронікі, свецкія і царкоўна-рэлігійныя творы.

У канцы XV – першай палове XVI ст. у перадавых краінах Еўропы зараджаліся новыя грамадскія адносіны і новы светапогляд, развіваліся свецкія навукі, культура, літаратура, мастацтва. У цяжкай барацьбе са старым нараджаўся новы чалавек, поўны ўласнай годнасці і веры ў свае сілы, у сваю фізічную і духоўную магутнасць, стваральнік новай культуры і герой мастацтва эпохі Рэнесанса. Менавіта ў гэты перыяд былі зроблены вялікія навуковыя і геаграфічныя адкрыцці, адбываўся нябачаны ўздым культуры і мастацтва.

Беларусь, размешчаная амаль у геаграфічным цэнтры Еўропы, паміж Захадам і Усходам, стала актыўным удзельнікам агульнаеўрапейскага культурна-гістарычнага прагрэсу. У першай палове XVI ст. пашырыліся рознабаковыя ўзаемаадносіны беларускіх зямель з перадавымі краінамі Заходняй Еўропы, якія перажывалі эпоху Адраджэння. Час заклікаў да дзейнасці людзей новага светапогляду, ініцыятыўных і смелых у творчасці, усебакова адукаваных асветнікаў-гуманістаў, якім суджана было адкрыць новую старонку ў гісторыі нацыянальнай культуры, прыдаць ёй больш свецкі, самабытны і дэмакратычны характар. Самым выдатным сярод іх стаў Францыск Скарына.

Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Нарадзіўся ў г. Полацку каля 1490 г.

Атрымаў ступень бакалаўра філасофіі ў Кракаўскім універсітэце. Каб працягваць вучобу на самых прэстыжных факультэтах універсітэтаў Еўропы, якімі лічыліся медыцынскі і тэалагічны, Скарыне трэба было атрымаць яшчэ і ступень магістра мастацтваў. Дакладна невядома, зрабіў ён гэта ў Кракаўскім ці якім іншым універсітэце, але ў 1512 годзе ён прыбыў у Італію ў праслаўлены Падуанскі ўніверсітэт, ужо маючы ступень магістра свабодных навук. Гэтую навучальную ўстанову Скарына выбраў для атрымання ступені доктара медыцыны. У 1512 г. у біскупскім палацы ў прысутнасці вядомых вучоных Падуанскага ўніверсітэта і высокіх асоб каталіцкай царквы Скарына быў абвешчаны доктарам у галіне медыцынскіх навук.

Выдавецкую дзейнасць пачаў у Празе, дзе надрукаваў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову.

У пачатку 1520-х гадоў пераехаў у Вільню і заснаваў друкарню. У ёй надрукаваны «Малая падарожная кніжка" і "Апостал".

Беларускае кнігадрукаванне пачалося адразу на еўрапейскім узроўні. Рэнесансныя выданні Скарыны вылучаюцца высокай якасцю друку, характэрнымі мастацкімі, гравюрнымі і арнаментальнымі ўпрыгожаннямі, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. А каментарыі да выданняў былі разлічаны на ўспрыманне простымі («паспалітымі») людзьмі. У прадмовах Скарыны прасочваюцца прыметы іншых літаратурных жанраў, якія пазней атрымалі развіццё ў беларускай літаратуры і пісьменнасці.

Кнігі Скарыны аказалі значны ўплыў на духоўную культуру Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях.

Памёр Скарына каля 1551 г., дакладная дата смерці і месца пахавання невядомыя.

Цікавыя звесткі

Біблія
Біблія Скарыны займае ў гісторыі друкаванага пісьменства трэцяе месца (першая друкаваная Біблія была нямецкая, другая - чэшская, а трэцяя - Скарыны).

Планета Францыска Скарыны
Імем Францыска Скарыны названа малая планета № 3283 (1979 QA10) Сонечнай сістэмы

Дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі
Уведзены дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі – медаль Францыска Скарыны (1989) і ордэн Францыска Скарыны (1995)

Смерць жонкі Маргарыты
Дакументальных пацверджанняў пра смерць Маргарыты няма, аднак у пазнейшых архіўных матэрыялах з 1532 яе імя не згадваецца. Вялікі пажар у Вільні летам 1530 спустошыў дзве трэці горада. Ці не тады загінула яго жонка, калі і згарэў дом, дзе меркавалася размясціць друкарню. Асветнік альбо зноў вярнуўся да сваіх сакратарскіх і лекарскіх абавязкаў пры двары біскупа Яна, альбо падарожнічаў па Еўропе з надзеяй аднавіць беларускае кнігадрукаванне

Помнікі
Помнікі Францыску Скарыне пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільні, Калінінградзе, Празе

Наверх