Выдадзена Скарынам (Cпасылкі на поўныя тэксты)
Прага 1517, 6 жніўня – першае выданне Ф. Скарыны “Псалтыр”
З прадмовы да «Псалтыра» (Пераклад на сучасную мову)
Усялякае Слова, Богам натхнёнае, - карысна! Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!
«Няхай будзе божы чалавек дасканалы і скіраваны на ўсякую добрую справу!» - так піша святы апостал Павел. Менавіта дзеля нашага навучання, духоўнага і цялеснага выпраўлення існуюць святыя пісьмы. Адны - дадзены нам у Старым і Новым Законах, другія - у «Дзеяннях» святых айцоў, іншыя - у прытчах прамудрых настаўнікаў, некаторыя - у песнях і псалмах Давыда і іншых божых песняроў, што складаюць «Псалтыр». Тыя пісьмы, якія пералічаны спачатку, звычайна ўтрымліваюць штосьці адно. Так, Закон вучыць, як людзям дасягнуць вечнага жыцця. Прарокі прадказваюць будучыню: добрую добрым, злую - злым. «Дзеянні» і жыцці святых айцоў навучаюць нас цярпенню і патрабуюць жыць у страху божым. Прытчы і прыслоўі вучаць малых і старых добрым звычаям. «Псалтыр» жа, адзіны, усе тыя рэчы ў сабе замыкае, усяму таму вучыць і ўсё прапаведуе! Яго псалмы - гэта скарб, безліч каштоўных каменняў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасвятляюць! Гнеў і лютасць уціхамірваюць! Мір і пакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць! Пачуцці ў малітвах даюць! Людзей зычлівымі робяць! Ласку і міласць мацуюць! Д'ябла праганяюць, анёлаў па дапамогу заклікаюць! Псалом - гэта шчыт супраць начных д'ябальскіх спакус і страхаў! Пакой у дзённай мітусні і беганіне! Абарона і вяселле малым, пацеха і песня старым! Жонкам - набожная малітва і ўкраса! Дзецям малым - пачатак усялякае добрай навукі, юнакам - памнажэнне іх ведаў, мужам - умацаванне вялікае! Псалом святочна ўпрыгожвае голас усёй адзінай царквы! Псалом усялякую супраціўнасць дзеля Бога выпраўляе! Псалом жорсткае сэрца змякчае і слёзы яго, як струменьчык з крыніцы, выводзіць. Псалом - анёльская песня, духоўны тэмпан, які цела спевамі весяліць і адначасна душу вучыць! Чаго толькі не знойдзеш у псалмах! Там - вялікасць боская і хвала яму! Там - справядлівасць! Там - чысціня душэўная і цялесная! Там - навука праўды! Там - мудрасць і розум дасканалы! I ўсе іншыя добрыя звычаі, нібы з крыніцы, струменяць адтуль! Там ёсць вялікая тайна пра Бога адзінага ў Тройцы! I аб увасабленні Госпада нашага Ісуса Хрыста! I аб пакутах яго без віны і аб уваскрэшанні з мёртвых! Там ёсць надзея на вечнае жыццё і выратаванне! Там - боязь Страшнага суда і пякельнага агню! Там - адкрыццё многіх тайнаў схаваных! Усе тыя рэчы, як у вялікай скарбніцы, знойдзеш у гэтым малым «Псалтыры»!
Ведаючы такія пажыткі ад гэтае кнігі, я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў «Псалтыр» ціснуці рускімі словамі славянскае мовы. Найперш - для ўшанавання і хвалы Бога ў Тройцы адзінага і Прачыстай маці яго Марыі, і ўсіх нябесных чыноў, і святых божых. А таксама — для карысці паспалітага люду. I асабліва з тае прычыны, што мяне літасцівы Бог з гэтае мовы на свет пусціў...

10 верасня – “кніга Іова”
З прадмовы да «Кнігі Іова» (Пераклад на сучасную мову)
У кнізе Іова гаворыцца і пра тых, што зневажаюць паніжаных, крыўдзяць убогіх, перад нямоглымі ганарацца, - але Гасподзь гэтакімі пагарджае. Сустрэнеш у ёй і звесткі пра дзівы ўсялякія, што ўчыніў Бог у істотах розных: у дзікіх звярах, у нябесных птушках і ў рыбінах водных, - і разам з тым тлумачэнне, што азначае якое дзіва, што таямніца якая кажа.

6 кастрычніка – “Прытчы Саламона”
З прадмовы да кнігі «Прытчы саламонавы» (Пераклад на сучасную мову)
Гэтыя кнігі карысна чытаць усякаму чалавеку: мудраму і неразумнаму, багатаму і беднаму, маладому і старому. А найперш тым, хто мае намер засвоіць добрыя норавы, спасцігнуць сапраўдную мудрасць і навуку.
Доўгае жыццё, міласэрнасць і праўду Бог дасць людзям у тым выпадку, калі яны прыслухаюцца да прытчаў, выказаных у гэтай кнізе, і будуць трымацца іх. Сам цар Саламон пра тое ніжэй гаворыць. У гэтых прытчах схавана вялікая мудрасць, як моц у каштоўным камені тоіцца, і як золата - у зямлі, і як ядро - у арэху! Хто яе знойдзе, той здабудзе міласць і атрымае благаславенне ад Госпада, і прыйдзе да яго ўсё добрае. Хвала і бясконцая пашана мудрасці! Яна - маці ўсіх спраў, настаўнік усякага добрага навыку! У ёй ваісціну ёсць дух - разумны, разважлівы, сціплы, даступны, рухомы, несапсаваны, сапраўдны, салодкі, чысты, сталы, дабротлівы! I ўсімі астатнімі цнотамі мудрасць надзелена!
Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, разумеючы, што без страху божага, і без мудрасці, і без добрых парадкаў нельга на зямлі жыць пачціва людзям паспалітым, загадаў ціснуці рускаю моваю «Прытчы», альбо «Прыслоўі прамудрага Саламона, цара Ізраілева»...

5 снежня – “Кніга Ісуса Серахава”

2 студзеня – “Еклесіяст “, або “Саборнік”
Прадмова да кнігі «Эклізіяст» (Пераклад на сучасную мову)
Прамудры Саламон, цар Ізраілеў, напісаў тры кнігі. Першая па-яўрэйску завецца «Маслотг», па-грэчаску — «Парабале», па-латыні — «Правербія», а па-руску — «Прытчы Саламонавы». Другая кніга, якую ён напісаў, па-яўрэйску завецца «Каелеф», па-грэчаску — «Эклезіяст», па-латыні — «Канцыянатар», па-руску — «Зборнік». Трэцяя кніга цара Саламона завецца «Сіра-Сірым», па-латыні — «Канцікум-Кантыкорум», а па-руску — «Песня Песняў». У першай сваёй кнізе, якая вядома пад назвай «Прытчы», піша Саламон аб навуцы для моладзі, аб тым, як усе бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей адзінаму, хаця і кожнага паасобку. Пра гэта напісаў я шырэй у прадмове да самой кнігі «Прытчы Саламонавы».
У другой кнізе, называемай «Эклезіяст», або «Зборнік», дае Саламон навуку, якая патрэбна ўсім людзям, дасягнуўшым паўналецця. Ён напамінае кожнаму аб марнасці, цяжкасцях і бедах зямнога жыцця. Як вядома, усе людзі на свеце скіроўваюць свой розум і сэрца на пэўныя рэчы. Адны — на царствы і панаванне. Другія — на багацці і скарбы. Трэція — на мудрасць і навуку. Чацвёртыя — на цялесную моц і прыгажосць. Пятыя — на набыццё маёмасці і шматлікіх статкаў. Шостыя — на шчодрыя яствы і неўтаймаваныя пралюбадзействы. Іншыя — на дзяцей, на сяброўства, на службу, на вайсковыя доблесці і многія іншыя рэчы. Такім чынам, кожны чалавек мае штосьці такое, што больш за ўсё астатняе яму даспадобы. Асэнсаваўшы ўсё, прамудры Саламон, як у люстэрку, паказаў у сваёй кнізе кароткімі выслоўямі гэтыя рэчы. Вось які галоўны вывад зрабіў ён у канцы: «Марнасць над марнасцю, усё марнае, нават — прыцясненне духоўнае!»
У гэтай кнізе мы зможам падрабязна пазнаёміцца з тым, што гаворыць цар Саламон аб людскіх мыслях і схільнасцях. Так, у адным месцы ён, напрыклад, піша: «Няма нічога лепшага, чым ежа, пітво і дабро для душы сваёй», а ў іншым — наадварот: «Лепей пайсці ў дом плачу, чым у дом піравання». I яшчэ піша: «Няма вялікай розніцы паміж мудрым і невукам, бо ўсё роўна канец у абодвух аднолькавы». А ў іншым месцы гаворыць супрацьлеглае: «Як свет пераўзыходзіць ноч, так мудры - невука. Мудры мае духоўныя вочы -свой розум, а неразумны - у цьме блукае». I аб іншых рэчах у гэтай кнізе Саламон піша супярэчліва. Прычынай гэтых разыходжанняў з'яўляецца тое, што думкі і схільнасці у розных людзей бываюць розныя: адзін любіць адно, таму і ўхваляе гэта, а другі, наадварот, - супрацьлеглае. Але ўсе прывязанасці людскія і іх ідэйную адданасць цар Саламон палічыў марнасцю і прыцясненнем душы. На заключэнне гэтае кнігі ён выявіў свой розум, калі гаварыў: «Канец гаворкі ўсе разам паслухайце: Бога бойся і запаведзі яго зберажы, тады будзеш сапраўды дасканалым чалавекам!»
Называецца гэтая кніга «Зборнік» таму, што не для нейкага аднаго чалавека напісана, а для ўсяго збору людзей і выяўляе прывычкі і прывязанасці не аднаго чалавека, а ўсяго збору. Менавіта з гэтай прычыны і завецца яна - «Кніга-Зборнік».

9 студзеня – “Песня Песням”

19 студзеня – кніга “Прамудрасць божая”

10 жніўня 1518 – “Кніга Царстваў”

20 снежня – “Кніга Ісуса Навіна”

9 лютага 1519 – кніга “Юдзіф”
З прадмовы да «Кнігі Юдзіф» (Пераклад на сучасную мову)
Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае - гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць.
Таму і Юдзіф, любячы край, дзе калісьці на свет нарадзілася, не шкадавала самое сябе, каб адвесці ад краю айчыннага небяспеку. Але Гасподзь, зважаючы на памысны намер Юдзіфы, памог ёй перамагчы непераможнага між людзей.

15 снежня – “Кніга Суддзяў”

– кніга”Быццё”

Каля 1519 – кніга”Выхад”

– кніга “Левіт”

– кніга “Лічбы”

- кніга “Другі закон”

– кніга “Руф”

– кніга “Эсфір”

– кніга “Плач Ераміі”

– “кніга прарока Данііла” (апошняе пражскае выданне)

Вільня. Каля 1522 года – выйшла першае віленскае выданне – “Малая падарожная кніжка”, якая паклала пачатак кнігадрукаванню ў нашай краіне.
З прадмовы да “Малай падарожнай кніжкі”
Писаныи речи в сей Малой подорожной книжце по ряду кратце положены суть.

1525, сакавік – выйшла ў свет апошняе віленскае выданне Францыска Скарыны – “Апостал”, якое з’яўляецца першай дакладнай датаванай кнігай, надрукаванай на тэрыторыі нашай краіны.
